ЦЫРО́З ПЕ́ЧАНІ,

хранічнае захворванне печані чалавека і жывёл, якое прагрэсіруе. Характарызуецца разрастаннем злучальнай тканкі ў печані, яе ўшчыльненнем, зменай аб’ёму (павелічэнне або памяншэнне), пашкоджаннем усіх яе структурных элементаў. У чалавека развіццё Ц.п. адбываецца пры інфекц. пашкоджаннях печані, спадчынных хваробах абмену рэчываў, уздзеянні таксічных рэчываў (лекі, алкаголь, прамысл. і быт. яды), застоі вянознай крыві і жоўці ў печані і інш. Найб. частая прычына — гепатыт інфекцыйны. Прыкметы: боль у вобласці печані, зніжаны апетыт, моташнасць, ірвота, гарката ў роце, насавы і страўнікавы крывацёк, жаўтавата-шэры колер скуры і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (уключае трансплантацыю печані). У жывёл Ц.п. часта развіваецца ў выніку гліснай інвазіі (напр., дыкрацэліёз, фасцыялёзы). Вядзе да схуднення, анеміі і гібелі ад інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)